Культурна - пазнавальны праект
«Пухавічы: мінулае і сучаснасць»
|
Вёска Пухавiчы. Аўтар фота: Ю.М.Купрацэвiч |
Возера Чырвонае (экскурс у мінулае)
Пухавічы — вёска ў Чырвоненскiм сельсавеце Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.
Гісторыя
Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў Навагрудскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. Згадваецца ў 1802 годзе як вёска ў Мазырскім павеце Мінскай губерні. Згодна з перапiсам 1816 г. уладанне памешчыка Ф.Лянкевіча. У 1885 годзе дзейнічалі царква, школа граматы. Жыхары займаліся рыбнай лоўляй і гандлявалі ёй у Мінску, Жытоміры, Слуцку і іншых гарадах. Паводле перапісу 1897 года ў сяле знаходзіліся хлебазапасны магазін, 3 ветракi, карчма. 1 кастрычніка 1905 года ў наёмным доме адчынена земская школа. У 1908 годзе ў Жыткавіцкай воласці.
У 1930 годзе арганізаваны калгасы «Чырвоны Бераг» і імя І. В. Сталіна, працавалі кавальня і вятрак. Паводле перапісу 1959 года цэнтр калгасу «Зара». Дзейнічаюць Краснапалескi рыбны ўчастак Мазырскага рыбзавода, 9-гадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, магазін, фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Пухаўчанка».
Возера Чырвонае (экскурс у мінулае)
Беларускае Палессе — вялізны натуральны музей пад адкрытым небам у цэнтры Еўропы. І яго ўнікальным прыродным «экспанатам» з'яўляецца возера Чырвонае (Князь-возера) — трэцяе па плошчы ў Беларусі і самае вялікае на Гомельшчыне. Яно знаходзіцца ў 19 км ад Жыткавіч, у вёсцы Пухавічы. Плошча возера на сённяшні дзень — каля 40 квадратных кіламетраў.
Найбуйнейшае возера Палесся ляжыць сярод плоскіх балот і лясных раўнін. Калісьцi яно было часткай прэснага мора, якое займала значную тэрыторыю Палесся. Дно возера топкое, выслана сапрапелямi — карысным выкапням, якія валодаюць разнастайным хімічным складам. Перспектывы выкарыстання яго вельмі шырокія: гэта не толькі ўгнаенні і свідравыя растворы, але і лячэбныя гразі, не менш эфектыўныя пры лячэнні розных захворванняў, чым крымскія. Яны валодаюць супрацьзапальным, болесуцяшальным дзеяннем. Акрамя таго, сапрапелі возера Чырвонае — вельмі добрае, экалагічна чыстае ўгнаенне для пакаёвых і садовых раслін.
Аб назве возера ходзіць нямала легенд. У даўнія часы называлі яго Чырвоным з-за вялікай колькасці рыбы чырвонапёрка. Расказваюць таксама аб вялікай бітве паміж волатамі за валоданне возерам. Ад пралітай крыві і назвалі яго Чырвоным.
Паводле другой народнай легенды, што дагэтуль захавалася ў ваколічных вёсках, возера належыла калісьці князям Алялькевічам-Слуцкім. Адзін з гэтых князёў зненавідзеў роднага брата і пасадзіў яго ў замак, адмыслова для гэтай мэты пабудаваны пасярэдзіне возера. Велізарная паводка разбурыла гэты замак, пахаваўшы пад ягонымі крушнямі зняволенага князя. Адсюль і паходзіць першы варыянт назвы - Князь-возера.
Паводле трэцяй легенды, адзін з князёў Радзівілаў у другой палове XVII ст. пасадзіў тут у замак сваю палюбоўніцу Жыдоўку, якую потым пасягнуў лёс князя з папярэдняй легенды. Адсюль- Жыд.
Сапраўды, пасярэдзіне возера над вадой ёсць рэшткі паляў і падмуркі нейкае велізнае камяніцы.
Паводля iншай легенды, другая назва багатага на рыбу возера паходзіць таму, што ў ім пераважна вядзецца гэтак званая кашэрная рыба, якая паводля рэлігійных прадпісанняў ужывалася жыдамі: шчупакі, акуні і аджэры.
Сцэнарый, створаны на аснове мясцовай легенды “Князь-возера”
Дзеючыя асобы
Заможны стары князь
Кацярына - царыца
Дочкі князевы
Князёк
Польскі яўрэй-карчмар
Сара – дачка карчмараСцэна прадстаўляе тронную залу царыцы. У цэнтры залы стаіць трон, на якім сядзіць царыца. Яе ахоўваюць строгія вартаўнікі. Перад тронам укленчаны стары князь. За сцэнай ціха спявае хор мясцовую песню “Калі лугам ты ідзеш” (глядзі дадатак).
Сцэна 1
Кацярына (звяртаючыся да князя) Дык гэта вы і ёсць той славуты князь. Падыміцеся і падыдзіце бліжэй.
Князь (падымаючыся і падыходзячы бліжэй да трона) Так, мая царыца.
Кацярына Я вельмі рада пазнаёміцца з вамі. Слава аб вашай доблесці і адвазе разнеслася далёка за межамі нашай дзяржавы. Вас паважаюць нават ворагі, а гэта сведчыць а многім. За вашы заслугі прасіце ўсё, што жадаецца.
Князь Я шмат паваяваяў, пара ўжо і на спачын. Цягне мяне родная старонка.
Кацярына За вялікія заслугі я дарую вам усё ў гэтых любых для вас краях: і землі, і возера.
Сцэна 2
Змена дэкарацый: сцэна прадстаўляе сабой пакой у княжацкім замку. На высокім стуле сядзіць стары князь. Ён нечым засмучоны. Вакол яго гуляюць у “Купалінку”(глядзі дадатак) гожа прыбраныя паненкі.
Князь (звяртаючыся да паненак) Дзе ж ваш любы брацец, сын мой адзіны?
Паненкі Ведама ж дзе. На паляванні разам са сваёй дружынай забаўляецца. (Працягваюць спыненую гульню)
Князь (гнеўна) Ён павінен быў ужо гадзіну таму назад як быць дома. Я яго папярэджваў аб сваім намеры сур’ёзна пагаварыць аб будучым.
Паненкі Наш брацец за паляваннем заўсёды забываецца на свае абяцанні.
Князь На вялікае маё засмучэнне Бог даў мне адзінага сына, таму і балаваў яго без меры, а патрэбна было праяўляць больш строгасці. Я ж з кожным годам не раблюся маладзейшым. Хутка пайду да Абрама на піва. Хто ж будзе кіраваць падаранымі царыцай землямі?
Паненкі (не спыняючы сваю забаву) Ведама ж хто. Брацец наш і сын ваш адзіны.
Князь (разважліва) Надышла, відаць, пара яго ажаніць. Займее сям’ю сваю, пасур’ёзнее, ды і я з унукамі яшчэ пацешуся.
Сцэна 3
Дзеянне пераносіцца ў карчму. З правага боку ўваход у карчму. У цэнтры некалькі сталоў з лавамі. Карчмар разам з дачкою.
Карчмар (звяртаючыся да прыгажуні-дачкі)Ужо некалькі гадоў з ласкі старога князя нашага арандую гэтую карчму. У прыгожым месцы стаіць яна, але не вельмі багаты тут люд. Жывуць у асноўным за кошт рыбнай лоўлі ды палявання, за што плацяць князю. А каб сеяць нешта, трэба кожны кавалачак зямлі адваеўваць цаной неверагодных намаганняў у балота… Лес i непраходныя балоты не дазваляюць заняцца як след гандлем. Добра толькі, што зімы тут працяглыя. Возера замярзае і дазваляе не страчваць хоць якую сувязь са светам…(Карчмар, задумаўшыся аб нечым, сумна пахітаў галавою)
Сара (прытуліўшыся да старога бацькі) Зноў, татусь, аб радзіме сваёй смуцішся.
Карчмар Так, дачушка, я польскі яўрэй і не забываюся на гэта ні на хвілю. Лёс закінуў нас ў гэтыя мясціны, дзікаватыя, але па-свойму непаўторныя. Іх любіла твая нябожчыца-маці. (Залюбаваўшыся дачкою) Ты вельмі падобная да яе. Слаўная мая карчма, але большая слава ідзе пра тваю прыгажосць. І добра гэта, і нядобра. Баліць маё сэрца аб табе.
Сара Не журыся, татусь дарагі, усё будзе добра. (Прыслухоўваючыся) Ці не цокат капыт набліжаецца? Відаць, госці да нас едуць. Пара за працу.
Сцэна 4
Тыя ж. Шумна ўваходзіць князёк са сваёй дружынай.
Князёк (Звяртаючыся да карчмара) Налі мне і дружыне маёй што для сугрэву. Стаміліся мы, блукаючы па нашых балотах. Сёння нам нешта аніяк не шанцуе – хоць бы на смех што ўпалявалі, адно патаміліся ды з дарогі збіліся. Ніколі не былі ў вашай карчме.
Карчмар (кланяючыся) Міласці просім, сядайце за сталы. (Да дачкі) Сара, хутчэй падавай на сталы.
Сара (Нясе поўны келіх і падае ў першую чаргу з паклонам князьку) Прашу прыгубіць з дарогі.
Князёк (Залюбаваўшыся прыгожай яўрэечкай). Чуў я пра тваю прыгажосць, але тое, што бачу ў многа разоў пераўзыходзіць слухі. Праўду кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Не вазьму я чаркі, пакуль ты яе напачатку не прыгубіш. Можа, пітво ў ёй атручанае?
Карчмар (баючыся гневу князя) Прыгубі, дачушка, пакажы, што думы нашы чыстыя.
Сара (З насмешкай да князька). Ці гожа князю піць пасля простай карчмаркі?
Князёк Відаць, акрамя прыгажосці, ты і гонар маеш. Але нічога. Гэта мне даспадобы. Будзь маёй каханкай, а я цябе ў золата прыбяру, будзеш мець, што пажадаеш.
Сара Спадабаўся і ты мне. Але буду я з табою толькі як жонка твая законная, інакш я не згодная.
Карчмар (са страхам) Ты што гэта надумала? Адумайся, дачушка, ці гожа нам з князямі радніцца.
Сара Будзе толькі так, як я сказала, а інакш забудзь мяне, княжацкі сын.
Князёк (Падумаўшы) Добра, тады і табе мая ўмова. Павінна ты перайсці ў веру нашу праваслаўную, бо інакш нас поп не павянчае.
Сара Ну што ж, справядлівыя твае словы.
Карчмар (жахнуўшыся) Ой, не на дабро ўсё гэта!
Сцэна 5
Змена дэкарацый: у цэнтры сцэны возера, яно неспакойнае. На беразе стаяць, абняўшыся, князёк і Сара.
Князёк (з сумам у голасе) Даведаўся пра нашу любоў мой бацька, страшэнна загневаўся.
Сара (са слязьмі на вачах) Ведаю я ўжо. Праўду казаў татусь: не да дабра гэта ўсё. Цяпер мой любы тата ў падзямеллі томіцца. Ці жывы яшчэ застанецца? Навошта нас звёў з табою лёс? Відаць, гэта расплата за адрачэнне ад бацькоўскай веры?
Князёк (супакойваючы Сару, яшчэ мацней тулячы да сябе) Што ты, сэрдэйка маё, супакойся. Усё будзе добра. Я патаемна ад бацькі пабудаваў пасярод нашага возера каменны церамок. Там цябе гнеў майго таты не дастане. Я пакуль жа буду рабіць выгляд, што змірыўся, а па вясне паеду да папа, каб абвянчаў нас па закону. (Пераконваючы ўжо і сябе) А тата з цягам часу змірыцца, нікуды не дзенецца, бо адзіны я ў яго сын.
Сара (крыху суцішаючыся) Дай то Бог!
Сцэна 6
Той жа бераг возера. Але на беразе бегае ў роспачы адзін князёк. Ён рве на галаве валасы, не ведае куды кінуцца, бо пакуль ён ездзіў за папом, сталася адліга, і крыгаход раструшчыў церамок з каханай.
Князёк (Пагражаючы возеру) Забрала ты ў мяне адзіную каханую, загубіла красу маладую, але ведай: не перамог нашага кахання гнеў таты майго, князя магутнага, не пераможаш і ты возера нясытнае, не разлучыш мяне ты з каханаю! (З разбегу ў возера і ўхнуў, толькі кругі пайшлі па вадзе)
Усе артысты выходзяць на сцэну і выконваюць песню на словы К.Буйло “Люблю свой край”
Сцэна 6
Той жа бераг возера. Але на беразе бегае ў роспачы адзін князёк. Ён рве на галаве валасы, не ведае куды кінуцца, бо пакуль ён ездзіў за папом, сталася адліга, і крыгаход раструшчыў церамок з каханай.
Князёк (Пагражаючы возеру) Забрала ты ў мяне адзіную каханую, загубіла красу маладую, але ведай: не перамог нашага кахання гнеў таты майго, князя магутнага, не пераможаш і ты возера нясытнае, не разлучыш мяне ты з каханаю! (З разбегу ў возера і ўхнуў, толькі кругі пайшлі па вадзе)
Усе артысты выходзяць на сцэну і выконваюць песню на словы К.Буйло “Люблю свой край”
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў студзені 1943 года ў вёсцы быў створаны штаб партызанскага злучэння С. А. Каўпака.
|
Побач з 3 студзеня па 3 лютага 1943 года дзейнічаў партызанскі аэрадром, які абслугоўваў злучэнне С. А. Каўпака. Узлётная паласа была на лёдзе возера Чырвонае. У памяць аб гэтых гістарычных падзеях у цэнтры вёскі Пухавiчы каля ДК усталяваны помнік.
|
У глушы Палесся. Ляхавічы... на возеры Чырвоным:
|
Хата, у якой ўладкаваліся радысты са сваёй станцыяй, стала сапраўдным клубам, куды да вызначанага гадзіне збіраліся і нашы беларускія партызаны, мясцовыя калгаснікі за апошнімі навінамі з «Вялікай зямлі», дзе можна было даведацца і ўсё партызанскія навіны Палесся.
На возеры загарэліся вогнішчы лядовага аэрадрома, які прымаў за ноч па некалькі самалётаў з Масквы.
|
З'явіліся людзі ў сініх камбінезонах і футравых унтах — пілоты, бортмеханiкi, штурманы, стралкі-радысты, вакол якіх на вуліцы і ў хатах на «альтанках» заўсёды тоўпіўся народ, якi хацеў даведацца, як жыве, як выглядае Масква. Прыляцелі да нас карэспандэнты цэнтральных газет, кінааператар, фотарэпарцёры, мы сталі атрымліваць свежыя нумары «Правды». На саннай дарозе па возеры ішоў бесперапынны рух транспарту. З аэрадрома перавозіліся ў Ляхавічы дастаўленыя самалётамі боепрыпасы: патроны, снарады, выбухоўка, з Ляхавічаў на аэрадром прыбывалі для адпраўкі ў Маскву параненыя і хворыя.
Нямецкая авіяцыя выявіла партызанскі аэрадром, над возерам Червонным закружыліся звёны «Юнкерсаў». Яны скідалі бомбы на лёд і прыбярэжныя вёскі, але да гэтага часу мы ўжо дастаткова папоўнілі свае боезапасы — можна было працягваць рэйд.
Партызанскі генерал Каўпак Сідар Арцем`евіч
|
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з верасня 1941 года. Адзін з арганізатараў партызанскага руху на Украіне — камандзір Пуціўлаўскага партызанскага атрада, а затым — злучэння партызанскіх атрадаў Сумскай вобласці.У 1941-1942 гадах злучэннем Каўпака былі зроблены рэйды ў тыле ворага па Сумскай, Курскай, Арлоўскай і Бранскай вобласцях, у 1942-1943 гадах — рэйд з бранскіх лясоў на Правабярэжную Украіну па Гомельскай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай і Кіеўскай вобласцях; у 1943 годзе — Карпацкi рэйд. Сумскае партызанскае злучэнне пад камандаваннем Каўпака прайшло з баямі па тылах нямецка-фашысцкіх войскаў больш за 10 тысяч кіламетраў, разграміла гарнізоны праціўніка ў 39 населеных пунктах. Рэйды Каўпака адыгралі вялікую ролю ў разгортванні партызанскага руху супраць нямецкіх акупантаў.
31 жніўня 1942 года быў асабіста прыняты Сталіным і Варашылавым ў Маскве, дзе разам з іншымі партызанскімі камандзірамі ўдзельнічаў у нарадзе. Партызанскім злучэнням Каўпака была пастаўлена задача здзейсніць рэйд за Дняпро з мэтай пашырэння партызанскай барацьбы на Правабярэжную Украіну.
У красавіку 1943 года С. А. Каўпаку было прысвоена воінскае званне «генерал-маёр».У студзені 1944 года Сумскае партызанскае злучэнне было перайменавана ў 1-ю Украінскую партызанскую дывізію імя С. А. Каўпака пад камандаваннем п. П. Вяршыгары.
Стэла (экскурс у мінулае)
|
У лютым 1943 года нямецкія карнікі цалкам спалілі вёску і забілі 35 жыхароў. У баях каля вёскі загінулі 4 партызаны (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 63 жыхары, у памяць аб загінуўшых у 1972 годзе на могiлках вёскі ўсталяваны абеліск.
Непадалёку ад стэлы ўсталяваны помнік на месцы захавання адной сям’і мясцовых жыхароў. Гэтая сям’я ў часы ВАВ пякла хлеб для партызанаў. Аб гэтым даведаліся немцы і расстралялі ўсю сям’ю, якую потым пахавалі ў адной магіле. На магіле пазней быў пастаўлены помнік з шыльдачкай, на якой зроблены наступны надпіс: “ Ахвярам фашызму. Ранняй вясной 1943 года за сувязь з партызанамі ахвярай фашысцкіх палачоў (немцаў і паліцаяў) стала сям’я Ахрамовіч Ганны Рыгораўны. Вылюдкі выгналі з хаты ўсіх і ў двары расстралялі Ганну Рыгораўну і трох яе дачок: Марыю, Праскоўю, Таццяну”.
|
|
“Вёска Пухавічы ў час вайны была спалена. Пасля вызвалення вёска пачала адраджацца. Былі пабудаваны некалькіх невялікіх хат. У адной з хат размяшчалася школа. Сюды па вечарах збіралася моладзь. Спявалі песні, чыталі вершы. Была арганізавана самадзейнасць. Настаўнікі і сельская моладзь стварылі харавы гурток і выступалі таксама ў хаце на прыстасаванай сцэне. Потым у 1954 г. маладыя жанчыны, улюблёныя ў народную песню, стварылі фальклорна-этнаграфічны гурт, назвалі “Пухаўчанка”, які працуе і да сённяшняга дня. У 1990 годзе прысвоена званне “Народны”…”, - так успамінае аб стварэнні гуртка ветэран педагагічнай працы Надзея Iванаўна Папок (глядзі дадатак), якая разам з другім ветэранам педагагічнай працы, Тамарай Трафiмаўнай Макарэвiч, кіруе народным калектывам да сённяшняга часу, перадаючы сваю ўлюблёнасць у народную песню маладому пакаленню.
|
"Надзея Iванаўна - чалавек надзвычай багаты. А багацце тое якраз ёсць любоў да самазабыцця да народнай песнi. З дзяцiнства чула яна песні ад бабулi Грыпiны Пятроўны з роднай вёсцы Бялёў, на той час цi не самай лепшай спявачкi на ўсю вёску. Надта хораша спявала мацi Надзейкi, Матруна Майсееўна. Як жа было ў такой сям’i не заспяваць? У iхняй хаце часта ладзiлiся вячоркi, збiралiся асаблiва часта ў пiлiпаўскiя доўгiя вечары. За вышыўкай i пражай пераказваюцца апошнiя весткi, прыгадваюцца даўнiя гiсторыі. А затым заспяваюць. Надзейка любiла вячоркі, услухоўвалася ў словы песень, запамiнала іх матыў i настраёвасць. Запамiнала надоўга - на ўсё жыццё, на ўсю глыбiню чуйнага сэрца. Падрастала яна, i ўсё больш ўмацоўвалася ў жаданнi жыць, як i старэйшыя, заўсёды з песняй. А падросшы — сама ўдзельнiчала ў вячорках, маладзёжных гульбiшчах. З усiх канцоў вёскi сыходзiлiся хлопцы i дзяўчаты на Прачыстую (у вёсцы гэта прастольнае свята) да клуба. I кожны гурт нязменна са сваiм гармонiкам ды бубнам з “ляскоткамi”. Да самага ранку - песнi, карагоды вакол вогнiшчаў!" (2,12).
Такім чынам, можна з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, што стваральнік і кіраўнік народнага ансамбля “Пухаўчанка” Надзея Іванаўна Папок з’яўляецца носьбітам аўтэнтычнай песні, бо атрымала яна яе ў спадчыну натуральным шляхам ад сваіх продкаў праз бабулю Грыпіну Пятроўну і матулю Матруну Майсееўну. І для самой Надзеі Іванаўны песня мае не толькі эстэтычнае, але і сакральнае значэнне, бо нездарма праз усё яе жыццё праходзіць песня і яна сама з’яўляецца душой калектыву. Выконвае самую складаную ролю - з’яўляецца запявалай. І у многім ад яе залежыць поспех выступлення.
Жывуць у Пухавічах песні, якія спявалі ў вёсцы ў даўнія часы. Вось як аб гэтым гаворыць другі кіраўнік гуртка, нязменны памочнік Надзеі Іванаўны, Макарэвіч Тамара Трафімаўна (глядзі дадатак):
|
Са слоў Тамары Трафімаўны таксама можна зрабіць вывад, што яна, як і многія жанчыны гуртка “Пухаўчанка” на чале з Надзеяй Іванаўнай з’яўляецца носьбітам і правадніком аўтэнтычнай песні, бо яе “любоў да песні зарадзілася ад … цётак, ды і ўся радня …прыгожа спявала” і народная песня нясе не толькі эстэтычную, але і таемна-магічную (сакральную) функцыю: “…песня дапамагае нам жыць і весялей крочыць па жыцці, хутчэй забываюцца непрыемнасці жыцця”.
Але з’яўляючыся несумненнымі носьбітамі аўтэнтычнай песні, яны перадаюць сваю песню не толькі натуральным шляхам сваім дзецям, але і маладому пакаленню вёскі Пухавічы. І дзеці, пераймаючы творчую манеру выканання родных песень ад жанчын гуртка, нясуць ужо неаўтэнтычную песню. Але гэта таксама неабходна для захавання культурных традыцый роднага куточка. Бо як жа інакш можна захаваць непаўторныя песні свайго краю, як “Па твайму полю сам Гасподзь хадзiў”, “Ляцелі гусi гукаючы”, “На моры вутка купалася”, “А мы жалі не ляжалi”, “Госпадзі Божа, дай нам тожа”... ? І –хто ведае?- можа гэтыя таленавітыя маленькія пухаўцы панясуць гэту песню праз пакаленні, ашчадна перадаючы яе праз сваіх дзяцей унукам. І спраўдзяцца словы, што аўтэнтычная народная творчасць – не толькі мінуўшчына. Але сучаснасць і будучыня.
|
Музей этнаграфii ў школе в. Пухавiчы (аглядавая экскурсія)
|
Этнаграфічны музей “Беларуская хатка” быў заснаваны на базе ДУА “Пухавіцкі дз/с-БШ” 30 снежня 2005 года.
Заснавальнік – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Макарэвіч Вольга Прохараўна.
Агульная плошча музейнага памяшкання – 16,5 м 2.
Асноўныя раздзелы экспазіцыі: хатні інтэр’ер, ручное ткацтва, быт насельніцтва в.Пухавічы.
За акном заснежаны лес. Кажуць, што дрэвы маўчаць. Не, яны размаўляюць. Паслухайце студзеньскі лес. Аб чым так трывожна шамацяць кашлатыя лапкі елак, соснаў, гнуткія галінкі бярозак, асінак, раскідзістыя шапкі магутных дубоў?.. У пагойдванні вершалінаў згадваецца спрадвечны клопат аб самым дарагім для ўсяго жывога – аб сваіх дзецях. Снегавымі шатамі, калючым хмызняком, непраходнымі гурбамі лес хавае сваіх гадаванцаў, клапоціцца аб іх будучыні. Ціха вядзе на сваёй мове бясконцую гутарку з дзецьмі, мабыць, аб сваім мінулым. Малыя дрэўцы, захутаныя ў цёплыя снегавыя футрачкі, уважліва слухаюць дарослых, толькі час ад часу хістаюць у знак згоды сваімі галоўкамі ці шумнуць галінкамі, як бы запытваючыся аб нечым. А што я ведаю аб сваiм мінулым?
Пераводжу позірк на музей-хату.
Яго ўбранне ніяк нельга назваць сучасным. Сваё месца займае пафарбаваная печ.
|
У кутку стаіць стол. Над сталом вісіць абраз, ахінуты ручніком. Каля адной сцяны стаіць вялікі нікеляваны ложак з гарою вялізных падушак, тканай посцілкай, вышыванымі накідкамі і падузорнікамі. На сценах вісяць ручной работы дываны.
|
Падыходзiш да кута. Тут знайшоў месца бабулін куфар. Пузаты, акаваны па баках, пафарбаваны ў чорны колер, ён пераходзіў з пакалення ў пакаленне. Зараз куфры не ў модзе, іх замянілі на сучасныя шафы. Якое будучае ў бабулінага куфра?
|
Адкідваеш вечка. Зверху ляжыць выхадное адзенне: чорны пінджак, шытыя ў аборкі спадніца і кашуля, упрыгожаныя атласнымі стужкамі, вышываны крыжыкамі фартух і вялізная з махрамі ў карычнева-шэрую клетку хустка. Далей - цікавей. Тут і спадніцы з сукенкамі, кужэльная нацельная бялізна, вышываныя сарочкі, квяцістыя хусткi, і такі ж ходнік, што ляжыць на падлозе і мякка казыча мае ногі, і прыгожа выгафтаваныя занавесачкі, што раней віселі на кухонным акне, і посцілкі, вытканыя клапатлівымі рукамі не аднаго пакалення жанчын на кроснах, што ляжаць побач, і падузорнікі, адзін з іх і зараз ўпрыгожвае бабулін нікеляваны ложак…
На дне ручнiкi. Чамусьцi адразу прыходзяць на памяць радкi з верша Нiны Загорскай “Мамiн ручнік”:
Мамін ручнік –белая дарога ў вечнасць.
Усё яе жыццё-патканае надзеямі.
Усе яе надзеі- пабітыя градам болю.
Увесь яе боль-падшэрхлая скрынка цярпення.
Усё яе цярпенне- крона магутнага радаводнага дрэва.
|
Колькi працы, бяссонных начэй, душы ў гэтых ручнiках! Вiдаць пагэтаму ручнiкi - гэта нешта асаблiвае. Яны дастаюцца са дна куфра толькi ў асаблiва значныя моманты. Вось гэты ручнiк дастаецца бабулей, калi хто ў нас нараджаецца. Ён доўгi, з бялюткай мяккай бавоўны, упрыгожаны геаметрычными чырвоными ўзорамі па краях. Перад тым як хрысцiць дзiця ў царкве, бабуля купала яго i выцiрала гэтым ручнiком. Так дзiця аберагаецца ад усяго дурнога. А вось гэтыя ручнiкi дастаюцца на вяселле. Яны таксама багата аздоблены чырвонымi ўзорамi. Iмi перавязваюцца сваты, на iх становяцца маладыя, калi бяруць шлюб, на iх кладуць хлеб-соль для сустрэчы маладых, нават раней iх навязвалi на галаву маладой, калi здымалi вэлюм - iх называлi намiткамi. Зараз навязваюць замест ручнiка хустку. Навогул ручнiкi абазначаюць пераломныя моманты, змены, пераход у iншае жыццё, а ўзоры на iм служаць абярэгам. Ручнiкi дастаюцца з куфра i ў цяжкiя моманты, калi некага не стае. Ручнiк падсцiлаецца пад нябожчыка, каб быў лягчэйшы пераход у iншы свет. Вешаюць ручнiкi-абыдзённiкi i на абракальны крыж. Ёсць i iншыя ручнiкi, як у нас кажуць, уцiральнiкi. Яны з выгляду крыху грубаватыя, вырабленыя з шараватага iльну, без узораў. Ёсць ручнiк-набожнiк, што вiсiць у чырвоным куце на абразах, якi прыгожа аздоблены карункамi i вышыўкамi. Усе ж ручнiкi аб`ядноўваюцца агульнасцю сiмволiкi: яны абазначаюць шлях-дарогу, дабро i повязь.
Вёска Ляхавiчы паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў Навагрудскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1795 годзе ў валоданні Хадкевічаў. У 1885 годзе дзейнічалі царква, капліца. Акрамя земляробства жыхары займаліся рыбнай лоўляй, гандлявалі рыбай у Мінску, Жытоміры, Слуцку і другiх гарадах. Памешчык Разальскі валодаў тут і ў наваколлі ў 1874 годзе 14 646 дзесяцiнамi зямлі. Паводле перапісу 1897 года знаходзіліся царква, хлебазапасны магазін, 2 ветракi, карчма. У 1917 годзе побач знаходзіўся аднайменны фальварак.
У 1919 годзе ў наёмным доме адкрыта школа. З 20 жніўня 1924 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Ляхавіцкага сельсавета Жыткавіцкага раёна Мазырскага акругі (да 26 ліпеня 1930 году, з 21 чэрвеня 1935 года да 20 лютага 1938 года), з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай вобласцей. У сакавіку 1928 г. арганізаваны калгас «Беларускі камунар», затым — калгас імя М. В. Фрунзе, працавала кавальня. У 1932 годзе пабудавана новы будынак для пачатковай школы. У час Вялікай Айчыннай вайны на возера Чырвонае зімой размяшчаўся партызанскі аэрадром, на які садзіліся самалёты. У студзені 1943 года некаторы час у вёсцы базіраваліся партызаны злучэння С. А. Каўпака. У лютым 1943 года нямецкія карнікі цалкам спалілі вёску і забілі 49 жыхароў. 90 жыхароў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгаса «Зара» (цэнтр — вёска Пухавічы). Дзейнічаюць клуб, бібліятэка.
17 студзеня 1943 года два транспартныя самалёта палка Грызадубавай падняліся з падмаскоўнага аэрадрома і ўзялі курс на возера Чырвонае ў лясах Беларусі. На борце самалёта знаходзіліся добра падрыхтаваныя для дзеянняў у тыле ворага дэсантнікі, у асноўным былыя памежнікі. Камандзір групы, яе камісар і начальнік штаба таксама былі памежнікамі. Група прызямлілася на вогнішчы Каўпака на лёдзе возера Чырвонае. З гэтага і пачынаецца гісторыя партызанскага злучэння Андрэя Міхайлавіча Грабчака, вядомага ў народзе пад імем Буянага: такім псеўданімам Андрэй Міхайлавіч падпісваў ўлёткі, якія раскідваліся і расклейвалі ў акупаваных гарадах і вёсках.
Першае папаўненне ў групу паступіла з вёскі Ляхавічы:
жыхары правялі добраахвотную мабілізацыю і прывялі да дэсантнікаў сямнаццацiгадовых і васямнаццацігадовых хлопцаў. На чале "дэпутацыі" стаяў стары ляхавіцкі дзед.
-- Ты, камандзір, не глядзі на нашы лапці! -- сказаў дзед Грабчаку. -- Ты ў вочы дзяцей глядзі! Яны, унукі мае, не падвядуць. Толькі дай ім, чым фашыста
біць!
"Навабранцам" загадалі нарэзаць з парашутнага шоўку анучы, абгарнуць як след ногі, і выдалі аўтаматы:
-- Пройдзеце навучанне -- прымеце прысягу! ... (Ілля Старынаў, "Запіскі дыверсанта").
|
Культурна - пазнавальны маршрут
«Пухавічы: мінулае і сучаснасць»
|
Аб'екты маршруту:
№1 Возера Чырвонае (экскурс у мінулае)
№2 Помнiк (экскурс у мінулае)
№3 Стэла (экскурс у мінулае)
№4 Дом культуры (знаёмсва з аўтэнтычнымi песнямi народнага гуртка "Пухаўчанка")
№5 Музей этнаграфii ў школе в. Пухавiчы (аглядавая экскурсія)
№6 Шыльда ў в. Ляхавiчы (экскурс у мінулае)